Банкгэта надзейна

 

Захаванасць грашовых укладаў насельніцтва ў банку гарантуе дзяржава. Калі банк раптам пазбавіцца ліцэнзіі або абанкруціцца, грошы ўкладчыкам верне спецыяльнае Агенцтва па гарантаванай кампенсацыі банкаўскіх укладаў.

 

Агенцтва па гарантаванай кампенсацыі банкаўскіх укладаў – дзяржаўная структура, якая існуе ў Беларусі з 2008 года. У выпадку ліквідацыі або неплацежаздольнасці любога банка ў краіне, Агенцтва вяртае ўкладчыкам-фізічным асобам усю суму ўкладу. Робіцца гэта за кошт абавязковых узносаў, якія банкі рэгулярна пералічваюць у агенцтва.

 

Пры гэтым не важна, ці з’яўляецца ўкладчык беларусам ці замежнікам. Свае грошы ён зможа забраць у любым выпадку пасля таго, як напіша заяву аб кампенсацыі сродкаў. Калі ў банку, якi абанкруціўся, у кліента быў размешчаны ўклад і ўзяты крэдыт, то пакрыццё па ўкладу ён атрымае ў поўным аб’ёме і працягне выконваць свае абавязкi па выплаце крэдыту, які ён узяў у банка.

 

Фізічная асоба можа звярнуцца ў Агенцтва аб выплаце кампенсацыі не раней за 14 рабочых дзён і не пазней за 2 гады з даты адклікання ліцэнзіі ў банка. Вяртанне сродкаў будзе ажыццяўляцца на працягу 1 месяца з моманту падачы заявы.

 

Літара закону

 

Вяртанне грашовых сродкаў фізічных асоб, якiя размешчаны на рахунках у банках Рэспублікі Беларусь, забяспечваецца ў адпаведнасці з:

 

Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 4 лістапада 2008 года №22 "Аб гарантыях захаванасці грашовых сродкаў фізічных асоб, размешчаных на рахунках і (або)  банкаўскія ўклады (дэпазіты)"

 

Законам Рэспублікі Беларусь ад 8 ліпеня 2008 года №369-З "Аб гарантаванай кампенсацыі банкаўскіх укладаў (дэпазітаў) фізічных асоб".

 

Агенцтва па гарантаванай кампенсацыі банкаўскіх укладаў ужо прадэманстравала на практыцы, як усё адбываецца. Пасля адклікання ліцэнзіі на ажыццяўленне банкаўскай дзейнасці ў Дэльта-Банка ў 2015 годзе перад Агенцтвам паўстаў абавязак ажыцявіць пакрыццё ў памеры 100% ад сумы ўкладаў фізічных асоб. Сёння ўсе ўкладчыкі банка, якія звярнуліся ў Агенцтва, атрымалі гарантаванае заканадаўствам пакрыццё. У 2017 годзе ліцэнзіі на ажыццяўленне асобных аперацый, у тым ліку з прыцягненнем сродкаў фізічных асоб, пазбавіўся БСБ Банк. І зноў Агенцтва выканала абавязкi банка перад кліентамі. Было яшчэ некалькі прэцэдэнтаў з пазбаўленнем ліцэнзій – і ва ўсіх выпадках створаны дзяржавай механізм, які забяспечвае людзям гарантаванае пакрыццё іх банкаўскіх укладаў у поўным аб’ёме, функцыянiраваў.  

 

З 1 красавіка 2022 г. уступілі ў сілу змены, унесеныя ў закон № 369-З ад 8 ліпеня 2008 года "Аб гарантаванай кампенсацыі банкаўскіх укладаў (дэпазітаў) фізічных асоб". Сярод навін – падаўжэнне з двух да пяці гадоў тэрміну, на працягу якога ўкладчык можа звярнуцца за кампенсацыяй, скарачэнне тэрмінаў выплаты кампенсацыі з 1 месяца да 7 дзён з дня падачы заявы, магчымасць выбару спосабу выплаты кампенсацыі – наяўнымі або банкаўскім пераводам і iнш.

 

У адпаведнасці з новымі зменамі дзеянне закона таксама распаўсюджана і на індывідуальных прадпрымальнікаў. Памер выплаты кампенсацыі банкаўскага ўкладу фізічнай асобе, якая выступала ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка пры заключэнні дагавора банкаўскага ўкладу, не можа перавышаць 100 000 беларускіх рублёў у адным банку.