Падведзены вынікі конкурсу відэаблогераў "Грошы маюць значэнне", прымеркаванага да правядзення ў Рэспубліцы Беларусь з 25 па 31 сакавіка 2019 года Тыдня фінансавай граматнасці дзяцей і моладзі (Global Money Week).
На конкурс паступіла 417 работ, у якіх маладыя людзі з усіх рэгіёнаў Беларусі разважалі пра грошы, інфляцыю і цэнавую стабільнасць. Работы выкананы ў самых розных фарматах – лаканічныя адукацыйныя ролікі, міні-фільмы з цэласным сюжэтам, школьныя спектаклі, кліпы з вершамі і песнямі, анімацыйныя відэаролікі.
Па рашэнні журы конкурсу ў малодшай узроставай групе (ад 7 да 12 гадоў) пераможцай стала Раманенка Эмілія (г. Мінск). Другое месца заняла калектыўная работа Мачкаляна Арсена, Вазнюк Алісы і Каплана Эніса з г. Віцебска. Трэцяе прызавое месца заняў Беркутаў Кірыл з г. Мінска.
У сярэдняй узроставай групе (ад 13 да 17 гадоў) перамогу атрымаў Роўба Аляксандр (а/г Скрыбаўцы, Гродзенская вобласць). Другое месца дасталася Балюконісу Цімафею з г. Віцебска. На трэцім месцы – Буцько Павел (г. Брэст).
У сувязі з больш нізкім узроўнем работ, якія паступілі на конкурс у старэйшай узроставай групе (ад 18 гадоў да 31 года), журы вырашыла не вызначаць у ёй пераможцу. Два ўдзельнікі Аўдошка Дар'я (г. Наваполацк, Віцебская вобласць) і Мусіенка Святаслаў (г. Магілёў) занялі другія месцы. Трэцяе месца заваявала калектыўная работа Шаламіцкага Дзмітрыя (г. Мінск) і Кавалёк Марыі (г. Пружаны, Брэсцкая вобласць).
Акрамя таго, журы конкурсу прыняло рашэнне ўзнагародзіць заахвочвальнымі грашовымі прызамі чатыры конкурсныя работы: калектыўную работу Рабчанкі Валерыя і Рабчанкі Анастасіі (г. Магілёў), відэаролік Прысяжнюка Аляксандра (г. Пінск, Брэсцкая вобласць), работы Мішурной Лады (в. Гара, Віцебская вобласць) і Волкавай Соф'і (г. Светлагорск, Гомельская вобласць).
Урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў і прызёраў конкурсу адбудзецца 5 красавіка 2019 года ў Нацыянальным банку. Пераможцы і прызёры атрымаюць грашовыя прызы: за 1-е месца – 1000 рублёў, за 2-е і 3-е месцы – 700 і 500 рублёў адпаведна.
Ролікі-пераможцы можна паглядзець тут.
Конкурс відэаблогераў "Грошы маюць значэнне" праходзіць у Беларусі ўжо другі год запар, галоўная мэта конкурсу – прыцягненне ўвагі моладзі да тэмы фінансавай граматнасці і папулярызацыя базавых ведаў у галіне фінансаў.