Рэспубліканская алімпіяда па фінансавай граматнасці сярод навучэнцаў X–XI класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі пройдзе ў Беларусі ў кастрычніку – снежні 2016 г. Яе арганізатарамі выступілі Міністэрства адукацыі і Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь.
Рэспубліканская алімпіяда па фінансавай граматнасці праходзіць у Беларусі ўжо ў трэці раз і стала за гэты час адным з найбольш маштабных мерапрыемстваў па павышэнні фінансавай граматнасці насельніцтва.
Па традыцыі мерапрыемства пройдзе ў тры этапы:
-
раённы (гарадскі) этап адбудзецца 21 кастрычніка,
-
абласны (Мінскі гарадскі) – 23 лістапада,
-
заключны этап (рэспубліканскі) – 16 снежня 2016 г.
Заданні алімпіяды будуць уключаць пытанні ў выглядзе тэстаў з варыянтамі адказаў па шэрагу ключавых тэм: банкаўскай справе, рынку каштоўных папер, страхаванні, падаткаабкладанні і г. д.
У гэтым годзе акцэнт будзе зроблены на такія актуальныя пытанні, як дэнамінацыя беларускага рубля, што нядаўна прайшла, увядзенне адзыўных і безадзыўных укладаў, лічбавы банкінг.
У гэтым годзе акцэнт будзе зроблены на дэнамінацыю, адзыўныя і безадзыўныя уклады, лічбавы банкінг
Парадак правядзення рэспубліканскай алімпіяды па фінансавай граматнасці зацверджаны сумеснай пастановай Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 16 верасня 2016 г. № 490/91.
Алімпіяда праводзіцца з мэтай павышэння фінансавай граматнасці навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі.
Асноўныя задачы алімпіяды:
-
развіццё ў навучэнцаў цікавасці да атрымання фінансавых і эканамічных ведаў;
-
павышэнне эканамічнай і фінансавай граматнасці моладзі;
-
распаўсюджванне і папулярызацыя фінансавых ведаў сярод моладзі;
-
падтрымка здольных маладых людзей.
Інфармацыю аб ходзе правядзення рэспубліканскай алімпіяды можна будзе знайсці на Адзіным інтэрнэт-партале фінансавай граматнасці насельніцтва (www.fingramota.by).