20.09.2017 супрацоўнікі Галоўнага ўпраўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь па Брэсцкай вобласці правялі чарговае адукацыйнае мерапрыемства для вучняў 6 "Б" класа ДУА "Гімназія №1 г. Брэста".
Урок фінансавай пісьменнасці пачаўся з экскурсіі ў музей Галоўнага ўпраўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь па Брэсцкай вобласці. У экспазіцыі музея адлюстраваны дзве тэматычныя лініі: тэхнічнае развіццё банкаўскай справы і гісторыя грашова-крэдытных устаноў на Брэстчыне XX стагоддзя, гісторыя самога будынка і жыццё калектыву, пачынаючы з 1944 года аж да нашых дзён. Асаблівае значэнне музея ў тым, каб прадставіць асноўны "прадукт" Нацыянальнага банка – грашовыя знакі, і паказаць, што яны выступаюць не толькі як сродак плацяжу, але і з'яўляюцца атрыбутамі незалежнасьці краіны, носьбітамі дзяржаўнай сімволікі, нароўні з гербам, сцягам, гімнам і Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. Навучэнцы паслухалі лекцыю і азнаёміліся з прадметамі, прадстаўленымі ў экспазіцыі музея, а потым з задавальненнем прымерылі цяжкую інкасатарскую бронекамізэльку 1980-х гадоў і інкасатарскі шынель. А затым хлопцам i дзяўчынам была паказана прэзентацыя "Што такое грошы?", якая расказвае пра сутнасць грошай і пра гісторыю грошай сучаснай Беларусі. З цікавасцю навучэнцы слухалі аповяд пра канцэпцыі дызайну цяперашніх грошай, выпушчаных у абарачэнне з 1 ліпеня 2016 года. Амаль ва ўсіх месцах, намаляваных на банкнотах узору 2009 года, хто-небудзь з дзяцей ужо быў, а хтосцi яшчэ толькi збiраецца пазнаёмiцца з помнікамі архітэктуры і горадабудаўніцтва Беларусі. Асаблівая частка заняткі была прысвечана пытанню бяспекі і абароненасці грошай, на прыкладзе купюры ў 10 рублёў навучэнцы азнаёміліся з асноўнымі ступенямі абароны грошай. А потым з захапленнем вывучалі методыкі вызначэння сапраўднасці банкнот – на прасвет, навобмацак, пры нахіле і пры дапамозе прыбораў. Шукалі навобмацак спецыяльную пазнаку для слабых на зрок людзей, на прасвет – вадзяны знак, з дапамогай адмысловай лупы – мікратэкст, а таксама паглядзелі, як правяраюць грошы з дапамогай дэтэктара вызначэння сапраўднасці банкнот.
Скончылася мерапрыемства спецыяльнай віктарыны, якая паказала, што навучэнцы добра засвоілі ўрок. За правільныя адказы хлопчыкі і дзяўчынкі атрымалі сувеніры ад Нацыянальнага банка. Хочацца адзначыць, што ініцыятарам правядзення адукацыйнага мерапрыемства для вучняў 6 "Б" класа ДУА "Гімназія №1" стала супрацоўніца Галоўнага ўпраўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь па Брэсцкай вобласці, дачка якой – Аня Лукашык, вучыцца ў гэтым класе.