Уявіце сабе сітуацыю, што вы прыехалі ў незнаёмы горад і хочаце смачна перакусіць. Што вы зробіце? Зойдзеце ў iнтэрнэт, каб пазнаеміцца з  рэйтынгам устаноў. Чым больш зорачак і станоўчых водгукаў у рэстарана, тым больш шанцаў, што ежа там сапраўды смачная і апетытная.

 

Ці, напрыклад, вы вырашылі купіць новы тэлефон. На сайце буйной крамы тэхнікі размешчана мноства розных мадэляў. Але як з іх выбраць тое, што патрэбна? Вось тут і прыходзіць на дапамогу рэйтынг мадэляў! Па ім адразу відаць, які смартфон карыстаецца папулярнасцю ў пакупнікоў і менш за ўсё выклікае скаргаў.

 

У гэтым артыкуле мы пагаворым аб рэйтынгах арганізацый, якія складаюцца рэйтынгавымі агенцтвамі.

 

Што такое рэйтынг

 

Рэйтынг – гэта сістэма ацэнкі, якая дапамагае параўнаць розныя арганізацыі і зразумець, ці мэтазгодна, напрыклад, інвеставаць у акцыі якой-небудзь кампаніі.

Рэйтынгі рэйтынгавых агенцтваў не складаюцца на аснове водгукаў карыстальнікаў і кліентаў арганізацый. Гэта аб'ектыўная ацэнка кампаній на аснове спецыяльна распрацаванай метадалогіі і пэўных фінансавых паказчыкаў. Да такіх паказчыкаў адносяцца, напрыклад, эфектыўнасць дзейнасці фінансавай арганізацыі, дастатковасць яе капіталу, дзелавая рэпутацыя кампаніі, якасць кіравання рызыкамі, велічыня розных відаў рызык (краінавая, валютная, рызыка ліквіднасці і г.д.), сістэма карпаратыўнага кіравання арганізацыі і многія іншыя паказчыкі.

 

Рэйтынгавае агенцтва

 

Аналіз шырокай інфармацыі пра арганізацыю, разлік усіх паказчыкаў і складанне рэйтынгу з'яўляецца дастаткова складаным працэсам. Таму гэтую дзейнасць дазваляецца ажыццяўляць толькі правераным арганізацыям.

 

У Беларусі рэйтынгавае агенцтва павінна прайсці акрэдытацыю ў Нацыянальным банку, гэта значыць атрымаць ад яго спецыяльнае пасведчанне. Нацыянальны банк вядзе рэестр беларускіх рэйтынгавых агенцтваў.

 

На пачатак 2025 года ў гэтым рэестры зарэгістравана адно рэйтынгавае агенцтва ТАА "БІК Рейтынгс". Акрамя непасрэдна рэйтынгавай дзейнасці, гэтая арганізацыя складае прагнозы аб сітуацыі на розных рынках тавараў і паслуг, аналізуе эканамічныя тэндэнцыі, праводзіць даследаванні па запытах кліентаў, распаўсюджвае аналітычную інфармацыю, займаецца складаннем рэнкінгаў, арганізуе навучальныя заняткі, дзелавыя мерапрыемствы і канферэнцыі і нават аказвае такую карысную паслугу, як разлік вугляроднага следу дзейнасці кампаній. Поўны пералік паслуг, які аказваецца рэйтынгавым агенцтвам, паказваецца ў рэестры рэйтынгавых агенцтваў.

 

Хто прысвойвае рэйтынг?

 

Прысвойваннем рэйтынгу займаюцца супрацоўнікі рэйтынгавых агенцтваў – рэйтынгавыя аналітыкі. Яны правяраюць фінансавую справаздачнасць кампаній, збіраюць даныя, ацэньваюць рызыкі, рыхтуюць неабходныя справаздачы. Каб стаць такім спецыялістам, трэба абавязкова мець досвед працы не менш за год у фінансавай сферы. Акрамя таго, рэйтынгавыя аналітыкі вядуць перамовы з кампаніямі і правяраюць іх.

 

Каб выключыць уплыў асабістага меркавання і забяспечыць аб'ектыўнасць рашэння па прысваенні рэйтынгу, збіраецца спецыяльны орган – рэйтынгавы камітэт. На аснове інфармацыі, прадстаўленай рэйтынгавымі аналітыкамі, эксперты, якія ўваходзяць у склад рэйтынгавага камітэта, калектыўна вырашаюць, якую ацэнку паставіць кампаніі.

 

Віды рэйтынгаў

 

Самы вядомы і важны вiд рэйтынгу, над якім працуюць рэйтынгавыя агенцтвы, – гэта рэйтынг крэдытны. Крэдытны рэйтынг – гэта ацэнка рэйтынгавым агенцтвам здольнасці банка або іншай фінансавай арганізацыі своечасова і ў поўным аб'ёме выконваць свае фінансавыя абавязкi. Карпаратыўны рэйтынг – гэта той жа крэдытны рэйтынг, толькі прысвоены нефінансавай арганізацыі.

 

Рэйтынгавыя агенцтвы могуць складаць так званы рэйтынг ESG – гэта ацэнка таго, як арганізацыя выконвае прынцыпы аховы прыроды, беражэ інтарэсы супрацоўнікаў і грамадства, адказна вядзе бізнес. Рэйтынг дзелавой рэпутацыі паказвае, наколькі кампанію лічаць надзейнай, прафесійнай і добрасумленнай, а яе прадукцыю – якаснай. Рэйтынг пастаўшчыка паслуг – гэта ацэнка таго, наколькі добрая гісторыя дзейнасці арганізацыі, а кліенты задаволеныя якасцю паслуг і ўпэўненыя ў яе надзейнасці.

 

Акрамя таго, рэйтынгавае агенцтва можа прысвоіць рэйтынг офіснага памяшкання (або рэйтынг офісу). Гэта інфармацыя пра тое, наколькі зручна супрацоўнікам працаваць у офісе, якая ўлічвае іх уласнае меркаванне і ацэнку ўмоў працы.

 

Рэйтынг і рэнкінг: у чым розніца?

 

Мы ўжо даведаліся, што рэйтынг – гэта афіцыйная ацэнка нейкага паказчыка (напрыклад, здольнасці адказваць па сваіх абавязках) або арганізацыі, дадзеная рэйтынгавым агенцтвам.

 

Рэнкінг жа – гэта спіс арганізацый, расстаўленых па парадку па вызначаным крытэрыi. Напрыклад, па памеры выручкі, колькасці супрацоўнікаў або ўзроўню задаволенасці кліентаў. Сам па сабе рэнкінг не дае ацэнку, але дзякуючы яму лёгка ўбачыць становішча канкрэтнай кампаніі сярод астатніх удзельнікаў рынку.

Напрыклад, калі вы шукаеце добры банк для адкрыцця рахунку, можна паглядзець рэнкінг банкаў па велічыні актываў або колькасці аддзяленняў, калі гэтыя паказчыкi для вас важныя. Гэты спіс не пакажа, які банк самы надзейны або выгодны, затое дасць уяўленне аб памеры банку і маштабе яго дзейнасці. Рэнкінгі нясуць шмат карыснай інфармацыі, якую звычайнаму чалавеку цяжка самастойна сабраць і прааналізаваць.

 

Такім чынам, у гэтым артыкуле мы разабраліся ў тым, што такое рэнкінг і рэйтынг, хто ажыццяўляе рэйтынгавую дзейнасць і прысвойвае рэйтынг. З гэтай інфармацыяй вам будзе лягчэй арыентавацца ў фінансавай сферы і прымаць граматныя фінансавыя рашэнні.

05.06.2025