Мікрапрацэсарная банкаўская плацежная картка або смарт-карта – гэта плацежная карта, якая аснашчана спецыяльным чыпам. "Афіцыйная" назва гэтага чыпа – мікрапрацэсар стандарта EMV. Акрамя чыпа, плацежныя смарт-карты заўсёды маюць і магнітную паласу.
Чаму картка з чыпам лепшая, чым без чыпа?
• Скапіраваць інфармацыю з чыпа і падрабіць яе значна складаней, чым падрабіць магнітную паласу. Таму смарт-карты больш бяспечныя.
• Карта з мікрапрацэсарам здольна ўмясціць у разы больш інфармацыі, чым звычайная карта з магнітнай паласой. Такім чынам, карта з чыпам, акрамя функцыі "кашалька", мае магчымасць накапіць бонусы, можа служыць праязным, пропускам на працу і гэтак далей.
У Беларусі з лета 2015 года ўсе банкі абавязаны эмітаваць карты міжнародных сістэм Visa і MasterCard, абсталяваныя чыпам. Пазней гэтае патрабаванне распаўсюдзілася і на карты нацыянальнай плацежнай сістэмы "БелКарт". Такім чынам, цяпер у беларускім банку немагчыма аформіць плацежную карту без чыпа. Аднак у абарачэнні ўсё яшчэ могуць заставацца раней выпушчаныя карты толькі з магнітнай паласой. Іх таксама без праблем прымаюць да аплаты.