29 сакавіка 2024 года ў Нацыянальным банку Рэспублікі Беларусь прайшла ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў конкурсу відэаблогераў "Грошы маюць значэнне".

Конкурс відэаблогераў "Грошы маюць значэнне" з'яўляецца адным з найбольш яркіх мерапрыемстваў Тыдня фінансавай граматнасці дзяцей і моладзі і штогод праводзіцца Нацыянальным банкам, пачынаючы з 2018 года.  Галоўная мэта конкурсу – прыцягненне ўвагі моладзі да тэмы фінансавай граматнасці і папулярызацыя базавых ведаў у галіне фінансаў. За ўвесь час правядзення на конкурс паступіла амаль 2,8 тысячы работ.

З прывітальным словам да фіналістаў звярнулася начальнік аддзела фінансавай граматнасці Упраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязей Нацыянальнага банка Юлія Вячаславаўна Саковіч. У гэтым годзе моладзі было прапанавана ў сваіх роліках расказаць, як зберагчы сябе і блізкіх ад фінансавага махлярства, як распазнаць кіберзлачынцаў, сфармуляваць правілы бяспечных фінансавых паводзін.

На конкурс прыйшло каля 300 работ з усіх куткоў Беларусі. Ролікі прыслалі індывідуальныя аўтары і калектывы, прычым работы былі выкананы ў разнастайных жанрах, у самых розных фарматах -  былі і дэтэктыўныя фільмы, і школьныя спектаклі, і кліпы з вершамі і песнямі, і анімацыйныя відэаролікі.

Потым гасцей чакала яркае свята, выступленне навучэнца Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў, салодкі стол і наведванне Музея грошай Нацыянальнага банка.

Фіналісты пакінулі Нацыянальны банк з узнагародамі, падарункамі і ўражаннямі. Да прэстыжнага звання пераможцы або прызёра конкурсу відэаблогераў прыкладаецца прыемнае дапаўненне - грашовы прыз ад Нацыянальнага банка. І зараз дзеці і моладзь не будуць сумнявацца ў тым, што фінансавая граматнасць - вельмі важная (і прыбытковая!) якасць сучаснага чалавека.