02.09.2021 - 10.12.2021

У чатырох этапах алімпіяды гэтага года свае фінансавыя веды праверылі больш за 24 тысячы навучэнцаў з 2 302 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі ўсіх рэгіёнаў краіны.

Рэспубліканская алімпіяда па фінансавай граматнасці  – адно з найбольш значных нацыянальных мерапрыемстваў у галіне фінансавай граматнасці ў нашай краіне, арыентаваных на школьнікаў і моладзь.

У папярэднія гады алімпіяда па фінансавай граматнасці праводзілася толькі сярод навучэнцаў X–XI класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Пачынаючы з 2021 года ў ёй могуць прымаць удзел усе жадаючыя навучэнцы незалежна ад класа навучання.

Галоўныя мэты правядзення мерапрыемства – папулярызацыя ведаў у галіне фінансаў, фарміраванне ў вучняў практычных навыкаў выкарыстання фінансавых інструментаў, развіццё фінансавай культуры моладзі.

Алімпіядныя заданні накіраваны на праверку ведаў па тэмах, без якіх немагчыма разумныя фінансавыя паводзіны ў сучасным грамадстве, – асабістыя фінансы, наяўныя грошы, зберажэнні, запазычанні, лічбавы банкінг, страхаванне, падаткі, інвестыцыі і інш. У тэсты таксама ўключаны задачы на разлікі і вылічэнні, якія датычацца фінансаў.

Аналіз вынікаў алімпіяды паказаў, што найлепш маладыя людзі справіліся з пытаннямі з блока па асабістых фінансах. А вось найбольшыя цяжкасці з выбарам правільнага варыянту адказу выклікалі заданні з блока па наяўных грошах, таксама складанымі аказаліся пытанні з блока аб падатках.

Для падрыхтоўкі да алімпіяды Нацыянальным банкам распрацаваны метадычныя рэкамендацыі, якія ўключаюць апісанне тэм алімпіядных заданняў, рэкамендуемыя крыніцы інфармацыі (нарматыўныя дакументы, афіцыйныя сайты дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь), прыклады пытанняў з адказамі і тлумачэннямі. Таксама можна азнаёміцца з заданнямі мінулых гадоў.

Этапы

Ва ўстановах адукацыі
02.09.2021 - 30.09.2021

   

Раённы этап
15.10.2021 - 15.10.2021

   

Абласны (Мiнскi гарадскi) этап
19.11.2021 - 19.11.2021

    

Заключны этап
10.12.2021 - 10.12.2021

   

Вынікі:

У 2021 годзе алімпіяда праходзіла восьмы раз. За ўсе гады свае веды ў алімпіядзе змаглі праверыць больш за 137.000 навучэнцаў. Непасрэдна сёлета мерапрыемства ахапіла больш за 75 працэнтаў школ Беларусі.

Пераможцам Рэспубліканскай алімпіяды па фінансавай граматнасці стаў вучань Ваўкавыскай гімназіі № 1 Гродзенскай вобласці Галавешка Мікіта. Пераможца атрымаў дыплом І ступені і грашовы прыз у памеры 1000 беларускіх рублёў.

Другое месца на Рэспубліканскай алімпіядзе па фінансавай граматнасці заняў Дзенісюк Арцём (гімназія № 50 г. Мінска). Ён узнагароджаны дыплом ІІ ступені і грашовым прызам у памеры 900 беларускіх рублёў.

Дыпломам III ступені і грашовым прызам у памеры 800 беларускіх рублёў узнагароджаны Каток Уладзіслаў (сярэдняя школа № 1 г. Круглае, Магілёўская вобл.).

Удзельнікі заключнага этапа алімпіяды, якія не занялі прызавыя месцы, былі ўзнагароджаны грашовымі прэміямі ў памеры 300 беларускіх рублёў і дыпломамі фіналістаў. Таксама грашовыя прэміі ў памеры 300 беларускіх рублёў атрымалі настаўнікі, якія падрыхтавалі пераможцаў алімпіяды.

Акрамя таго кожны фіналіст алімпіяды атрымаў таксама ў падарунак ад ЗАТ "БСБ Банк" картку з грашовымі прызамі. Мы спадзяемся, што хлопцы распарадзяцца грашыма, якія яны зарабілі сваімі ведамі, як фінансава пісьменныя людзі!

Атрыманыя веды абавязкова спатрэбяцца дзецям у дарослым жыцці незалежна ад будучай прафесійнай адукацыі, выбранай спецыяльнасці і роду дзейнасці.