У гэтым годзе больш за 32 тысяч вучняў 10-х і 11-х класаў праверылі свае фінансавыя веды ў ходзе першага этапу алімпіяды.
У 2017 годзе ў алімпіядзе ўдзельнічала рэкордная ў параўнанні з мінулымі гадамі колькасць школьнікаў. Пашырыць кола далучаных да мерапрыемства вучняў дапамагло ўвядзенне дадатковага этапа, у якім прынялі ўдзел тры чвэрці устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, якія дзейнічаюць у краіне. Раней алімпіяда праводзілася ў тры этапы (раённы (гарадскі), абласны (Мінскі гарадскі) і рэспубліканскі), а колькасць удзельнікаў, напрыклад у 2016 годзе, склала каля 5 тыс. чалавек.
Колькасць заданняў па розных тэмах, узровень складанасці пытанняў былі вызначаны па выніках аналізу мінулагодняй алімпіяды. Быў удасканалены і сам працэс яе правядзення. Арганізацыйныя моманты, рэгламент, правілы, апісанне этапаў - усё гэта агаворана ў сумеснай пастанове Нацыянальнага банка і Міністэрства адукацыі. Ва ўсіх рэгіёнах Беларусі канверты з заданнямі ўскрываліся ў адзін і той жа час для захавання сакрэтнасці. Для школьнікаў і настаўнікаў былі распрацаваны і размешчаны ў вольным доступе на сайце фінансавай граматнасці метадычныя рэкамендацыі для падрыхтоўкі да алімпіяды, якія ўключаюць апісанне тэм, рэкамендуемыя крыніцы інфармацыі, прыклады пытанняў з адказамі і тлумачэннямі.
Алімпіядныя заданні накіраваны на праверку ведаў па наступных тэмах - "Наяўныя грошы", "Зберажэнні", "Запазычанні", "Лічбавы банкінг", "Нацыянальны банк", "Страхаванне", "Падаткі", "Інвестыцыі".
Алімпіяда дапамагае знайсці сапраўды таленавітых, зацікаўленых у атрыманні фінансавых ведаў маладых людзей, якія валодаюць тэарэтычнымі ведамі і здольны справіцца з рознымі практычнымі задачамі ў галіне фінансаў. І пераможцамі, вядома ж, становяцца мацнейшыя. Але важна і тое, што ў маладых людзей, якія ўдзельнічаюць у мерапрыемстве, застануцца веды, якія абавязкова спатрэбяцца ім у жыцці, бо мы жывем у стагоддзе рыначнай эканомікі, з'яўляемся спажыўцамі фінансавых паслуг і кожны павінен валодаць асновамі фінансавых ведаў.