У Нацыянальным банку 27 мая 2016 г. адбыўся заключны этап конкурсу на лепшую работу па эканамічнай тэматыцы сярод студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі, на якім былі вызначаны пераможца і прызёры конкурсу.
У конкурсе прымалі ўдзел студэнты і студэнцкія калектывы, якія навучаюцца на I ступені вышэйшай адукацыі, з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта і Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Першы этап конкурсу праходзіў непасрэдна ў ВНУ. На другім (заключным) этапе фіналісты абаранялі свае работы ў Нацыянальным банку. Дзевяць студэнтаў ярка і цікава выступілі з прэзентацыямі сваіх работ перад экспертным саветам, у склад якога ўваходзілі прадстаўнікі Нацыянальнага банка і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь:
Ціханаў Анатоль Алегавіч - кансультант аддзела па сувязях з грамадскасцю і СМІ Упраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязей Нацыянальнага банка, доктар эканамічных навук, прафесар (старшыня экспертнага савета);
Каралёва Ілона Уладзіміраўна - галоўны спецыяліст аддзела фінансавай граматнасці Упраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязей Нацыянальнага банка (сакратар экспертнага савета);
Галаў Аляксандр Фёдаравіч - начальнік Галоўнага ўпраўлення плацежнага балансу і банкаўскай статыстыкі Нацыянальнага банка;
Мірончык Наталля Леанідаўна - начальнік Упраўлення даследаванняў Нацыянальнага банка;
Кісель Сяргей Леанідавіч - начальнік Інфармацыйна-аналітычнага ўпраўлення Нацыянальнага банка;
Марыйка Таццяна Мікалаеўна - галоўны спецыяліст Упраўлення вышэйшай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
З прывітальным словам да студэнтаў звярнуўся намеснік старшыні Праўлення Нацыянальнага банка Калечыц Сяргей Валер'евіч. Ён адзначыў, што фінансавая культура стала жыццёва неабходным навыкам у сучасным свеце. Сяргей Валер'евіч пажадаў усім удзельнікам кокурсу поспехаў і энтузіязму.
Выступленне студэнтаў было рэгламентавана – на працягу кароткага часу маладым людзям неабходна было не толькі данесці асноўныя думкі і раскрыць тэму свайго даследавання, але і адказаць на досыць складаныя пытанні членаў экспертнага савета.
Пакуль члены экспертнага савета абмяркоўвалі падагульняючыя адзнакi, канкурсанты чакалі рашэння савета за межамі залы, дзе для іх быў накрыты салодкі стол з разнастайнымі пачастункамі. Усім удзельнікам конкурсу былі ўручаны ганаровыя дыпломы ад Нацыянальнага банка. А пераможцы атрымалі грашовыя прэміі.
Пасля аб'яўлення старшынёй экспертнага савета пераможцаў і ўзнагароджання юнакоў, члены экспертнага савета пагаварылі з маладымі людзьмі ў нефармальнай абстаноўцы, пажадаўшы поспехаў далей у навуковай дзейнасці.
Этапы
Першы этап
Першы этап конкурсу праходзіў непасрэдна ў ВНУ.
Заключны этап
У заключным этапе фіналісты абаранялі свае працы ў Нацыянальным банку.
Пераможцы
1 месца заняла Быкава Вольга, студэнтка 4-га курса факультэта фінансаў і банкаўскай справы Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта з работай на тэму "Удасканаленне стандартызаванага падыходу да ацэнкі крэдытнай рызыкі ў банках Рэспублікі Беларусь".
2 месца заняла Лях Анастасія - студэнтка 4 курса факультэта фінансаў і банкаўскай справы Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта з працай на тэму "Фінансаванне інвестыцыйных праектаў: сучасны стан і перспектывы развіцця ў краіне".
3 месца заняў аўтарскі калектыў Шчука Арцём і Гаршчарук Раман - студэнты 4-га курса факультэта банкаўскай справы Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта з работай на тэму "Рынкавыя падыходы да ацэнкі кошту банка як інструмент кіраўніцкага аналізу".