20 мая 2015 г. у Нацыянальным банку Рэспублікі Беларусь адбылася прэзентацыя выдання "Фінансавая грамата".

Рэалізацыя гэтага праекта стала магчымая дзякуючы супрацоўніцтву Нацыянальнага банка з кампаніяй Visa.

Упершыню навучальны дапаможнік з аналагічнай назвай быў выпушчаны Расійскай эканамічнай школай пры падтрымцы кампаній Visa і Citi Foundation ў 2009 годзе. Беларуская рэдакцыя кнігі была дапрацавана і выдадзена ў 2015 годзе з улікам асаблівасцяў нацыянальнага заканадаўства ў сферы рэгулявання фінансаў і фінансавага рынку.

Прадстаўленае выданне разлічана на павышэнне фінансавых ведаў маладога пакалення і дарослых людзей. Аўтары кнігі - загадчык кафедры фінансаў Расійскай эканамічнай школы, прафесар, дырэктар праграмы "Майстар фінансаў" Аляксей Гараеў і судырэктар праграмы "Фінансавая грамата" Расійскай эканамічнай школы Валерый Чумачэнка. Над адаптацыяй беларускай версіі працавалі спецыялісты Нацыянальнага банка, Палескага дзяржаўнага універсітэта, Асацыяцыі беларускіх банкаў і Беларускай асацыяцыі страхавальнікаў. Кніга складаецца з дзевяці раздзелаў, у якіх у даступнай форме на рэальных прыкладах распавядаецца аб розных відах фінансавай дзейнасці: ад планавання асабістага бюджэту да працы з каштоўнымі паперамі, прынцыпаў інвеставання, асноўных відаў страхавання.

Практычная і актуальная, простая і цікавая - у кнізе шмат "тлумачальных" малюнкаў, жыццевыя гісторыі, задачкі і гласарый. 

Усяго выпушчана паўтары тысячы экзэмпляраў. Частка кніг будзе перададзена Беларускаму рэспубліканскаму саюзу моладзі для далейшай перадачы кніг ва ўсе ВНУ краіны, частка - Нацыянальнаму банку для правядзення ўрокаў фінансавай свядомасцi, частка - у Нацыянальную бібліятэку.

Выпуск навучальнага дапаможніка "Фінансавая грамата" у Рэспубліцы Беларусь з'яўляецца складовай часткай глабальнай ініцыятывы кампаніі Visa па павышэнні ўзроўню фінансавай свядомасцi насельніцтва. Дадзеная кампанія першай сярод удзельнікаў беларускага фінансавага рынку ў 2013 годзе падпісала Мемарандум аб супрацоўніцтве ў галіне фінансавай пісьменнасці з Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь.

У прэзентацыі прынялі ўдзел:

Сяргей Дубкоў - намеснік Старшыні Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь;

Мэндзі Лэмб - генеральны менеджэр Visa, група краін СНД і Паўднёва-Усходняй Еўропы;

Ігар Кавалёў - рэгіянальны менеджэр Visa ў Беларусі і Малдове;

аўтары кнігі:

Аляксей Гараеў - загадчык кафедры фінансаў Расійскай эканамічнай школы, прафесар, дырэктар праграмы "Майстар фінансаў";

Валерый Чумачэнка - судырэктар праграмы "Фінансавая грамата" Расійскай эканамічнай школы;

Андрэй Белякоў - Першы сакратар ЦК ГА "Беларускі Рэспубліканскі саюз моладзі";

прадстаўнікі Асацыяцыі беларускіх банкаў;

прадстаўнікі Беларускай асацыяцыі страхавальнікаў.