Ва ўсе часы грашовыя пераводы карысталіся і працягваюць карыстацца высокім попытам. Яшчэ некалькі дзясяткаў гадоў таму для пераводу грошай даводзілася ісці з наяўнымі на пошту, запаўняць дакументы і чакаць некалькі дзён. Цяпер працэс спрасціўся. Перавесці грошы з пункту А ў пункт Б можна літаральна ў адзін клік, а праз некалькі хвілін атрымальнік зможа імі скарыстацца. Пагаворым пра тое, якія варыянты грашовых пераводаў сёння даступныя беларусам.

Як перавесці грошы ўнутры Беларусі

Самы просты спосаб – перавод з карткі на картку. "Пластык" сёння ёсць амаль ва ўсіх, пры гэтым тое, які банк выпусціў картку, не так значна. Аперацыю зручней за ўсё праводзіць з дапамогай каналаў дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання, напрыклад, інтэрнэт-банкінгу або мабільнага банка. Падыйдзе і інфакіёск.

Абраўшы неабходную опцыю, адпраўнік павінен пазначыць рэквізіты сваёй карткі, з якой будуць пералічаны грошы: 16-значны нумар, тэрмін дзеяння і код CVV/CVC, пазначаны на адваротным баку карткі. Затым трэба ўвесці рэквізіты карткі атрымальніка - абавязкова 16-значны нумар і, магчыма, тэрмін дзеяння. У большасці выпадкаў грошы дойдуць у лічаныя хвіліны. За перавод можа брацца камісія, звычайна яна вар'іруецца ў межах 1-2%.

Калі карткі ў вас ці ў атрымальніка грошай няма, можна скарыстацца паслугамі пошты. Для гэтага трэба прыйсці ў адно з аддзяленняў і даць свае, а таксама пашпартныя даныя атрымальніка. Камісія за перавод складзе ад 0,5% да 3% у залежнасці ад сумы. Белпошта здзяйсняе пераводы ў рэжыме анлайн. Атрымаць грошы можна з пашпартам у любым паштовым аддзяленні.

Яшчэ адзін спосаб - сістэма пераводаў "Хуткiя грошы" Белаграпрамбанка. Каб ёй скарыстацца, трэба прыйсці ў любое аддзяленне банка з пашпартам і данымі атрымальніка. Перавод імгненны, камісія складзе 1,5-2%, забраць грошы можна ў любым аддзяленні Белаграпрамбанка.

Пераводы за мяжу

Існуе некалькі спосабаў адправіць грошы атрымальніку за мяжу. Самы просты і хуткі - зноў жа, перавод з карткі на картку. З Беларусі такі перавод можна рабіць у дзясяткі краін. Як і ў выпадку з пераводамі ўнутры краіны, вам спатрэбяцца рэквізіты ўласнай карткі, а таксама 16-значны нумар і часам тэрмін дзеяння карткі атрымальніка.

Першае, што трэба зрабіць - удакладніць магчымасць пераводу грошай на картку замежнага банка ў сваім інтэрнэт-банку. Калі яе няма, пашукаць адпаведны сэрвіс у інтэрнэце. Камісія складзе 1-3% ад сумы пераводу, грошы ў большасці выпадкаў дойдуць амаль імгненна. Цяжкасці могуць паўстаць, калі карткі адпраўніка і атрымальніка належаць розным плацёжным сістэмам (напрыклад, Visa і MasterCard).

Яшчэ адзін спосаб, які дазваляе пераводзіць за мяжу ў тым ліку і наяўныя грошы - сістэмы міжнародных грашовых пераводаў. Іх існуе нямала, толькі ў Беларусі працуе 7 штук. У кожнай такой сістэмы свае правілы і ўмовы. Першае, на што трэба звярнуць увагу - гэта з якімі краінамі працуе сістэма. Напрыклад, Western Union працуе практычна па ўсім свеце, "Залатая карона" ахоплівае 25 краін. Пасля выбару адпаведных па геаграфіі сістэм варта параўнаць камісіі за перавод, яны могуць быць даволі высокімі. Прынцып усюды прыкладна аднолькавы: трэба прыйсці ў банк, даць свой пашпарт і даныя атрымальніка. У хуткім часе (у некаторых выпадках - усяго праз 10 хвілін) ён ужо зможа атрымаць грошы ў банку, які працуе з той ці іншай сістэмай пераводаў. Поўны спіс сістэм, даступных беларусам, а таксама банкаў, якія працуюць з імі, можна знайсці на сайце Нацыянальнага банка.

Калі па нейкіх прычынах перавод грошай з карткі на картку або праз сістэму міжнародных грашовых пераводаў недаступны, на дапамогу прыйдзе SWIFT - міжнародная сістэма перадачы фінансавых паведамленняў. Яна дазваляе рабіць пераводы ў замежнай валюце практычна ў любую краіну свету. Але працэдура адпраўкі больш працяглая і складаная, чым у вышэйзгаданых выпадках. Трэба прадаставіць банку шэраг рэквізітаў, запоўніць плацёжнае даручэнне, прад'явіць пашпарт. Калі перавод ідзе на карысць юрыдычнай асобы, абавязкова спатрэбіцца дакумент-падстава пераводу. Напрыклад, дагавор аб намерах здзейсніць здзелку куплі-продажу. Пераводы SWIFT адрозніваюцца адносна нізкай камісіяй. Грошы дойдуць да адрасата за 2-3 банкаўскія дні.

Праверце сябе! Прапануем вам адказаць на некалькі пытанняў, якія дапамогуць ацаніць вашу фінансавую граматнасць, даведацца свае прабелы і вызначыць далейшыя крокі для павышэння сваіх кампетэнцый ў фінансавай сферы. Гэта проста, цікава і карысна!
Што вы ведаеце пра лічбавыя тэхналогіі ў фінансавай сферы?

Лічбавы банкінг актыўна развіваецца, з'яўляюцца новыя спосабы аплаты. АРІП і МСІ, QR-код і біяметрыя – што вы ведаеце пра гэта?

Ці зможаце вы абараніць свае грошы ад злачынцаў у інтэрнэце?

З развіццём тэхналогій з'яўляюцца і новыя спосабы махлярства. Ці зможаце вы зберагчы свае грошы і не трапіць на вуду кіберзлачынцаў?